У Інстытуце Парлямэнтарызма і Прадпрымальніцтва пачаўся сапраўдны кадравы псшхоз пасьля таго, як прабегла чутка аб тым, што яго зьбіраюцца зачыняць. Бліжэйшым часам чакаецца пераатэстацыя і таму зь мінулага году кіраўніцтва інстытута пачало гістэрычна выключаць студэнтаў, уводзіць больш жорсткія правілы ўнутранага распарадку, шмат студэнтаў самі зьмянілі ВНУ. Былі адмененыя кантрольныя работы як форма кантролю ведаў, а замест экзаменаў уведзеныя кампутарныя тэсты. Дайшло да таго, што калі пасьля чарговага "ужэстачэнія" правілаў унутранага распарадку ў верасьні гэтага году студэнты пачалі задаваць заканамерныя пытаньні, ім прамым тэкстам патлумачылі - штосьці не падабаецца - шукайце іншую ВНУ.
Ды гэта яшчэ толькі палова гора. Кіраўніцтва інстытута актыўна пазбаўляецца ад прафесарскага складу выкладчыкаў. Прыкладам у мінулым годзе пры нявысьветленых абставінах была звольнена выкладчык паліталогіі, правоў чалавека і палітычнай сацыялогіі доктар сацыялагічных навук прафесар Надзея Мікалаеўна Беляковіч (на фота).

У самым пачатку навучальнага года, колькі дзён таму звольнены выкладчык гісторыі Беларусі і PR-тэхналёгій, доктар гістарычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналёгій, прафесар, прафесар кафедры паліталёгіі і гуманітарных дысцыплін ІПП Мікалай Васільевіч Кузьняцоў.
Гэтыя кадравыя "чысткі" засталіся б незаўважанымі, каб не адныя абставіны, якія вымусілі турбавацца нават студэнтаў. Сёньня падчас сэмінару доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры паліталёгіі і гуманітарных навук ІПП Уладзімір Аляксандравіч Бажанаў (па адзнаках студэнтаў - самы прагрэсыўны выкладчык у інстытуце, які нават насуперак загаду аб адмене звычайных экзаменаў прымае экзамены толькі ў вуснай форме), правёўшы паралелі паміж апошнімі падзеямі ў інстытуце зрабіў выснову, што наступным будзе ён. Таму і пачынаюць турбавацца студэнты, якія прадчуваюць хуткі канец ІПП, ды не за Бажанава турбуюцца, а за сябе родных, бо ў выпадку расфарміраваньня ВНУ іх папераводзяць у БДУ на БДУшныя кошты аплоты навучаньня, як гэта было з непрайшоўшай аднойчы пераатэстацыю спецыяльнасьцю журналістыкі. А шмат хто са студэнтаў абіраў ВНУ менавіта па фінансавым прызнаку, бо ІПП стаіць у шэрагу самых танных у Менску ВНУ.
На пачатку гэтага навучальнага года было аб'яднана 4 групы 4-га курса ў 2, бо студэнты не задумваючыся сыходзяць у БІП, МІТСА і іншыя ВНУ, а кіраўніцтва ўпорна робіць усё, каб тую ж мэтодыку скарысталі і іншыя студэнты, а разам зь імі і выкладчыкі. Штогод студэнтаў на старэйшых курсах усё менш і менш, застаўся толькі адзін факультэт,а дэкан завочнага аддзяленьня заяўляе, што за 1 гадзіну пропуска лекцыі будзе адлічаць.
У чым лёгіка дзеяньняў кіраўніцтва ІПП? Ці можа хто патлумачыць?